СВІ́РСКАЯ ГРАДА́.
На крайнім ПнУ Гродзенскай і крайнім ПнЗ Мінскай абласцей. Уваходзіць у склад Нарачана-Вілейскай нізіны. Цягнецца з ПнЗ на ПдУ уздоўж паўд.-зах. берага воз. Свір. Даўж. каля 70 км, шыр. 0,5—4,5 км, выш. 165—185 м, найб. 210 м (на паўд.-ўсх. і ўсх. краі грады). Над прылеглымі ўчасткамі водна-ледавіковай.і марэннай раўніны прыўзнята на 10—35 м, часам 50—60 м.
У тэктанічных адносінах С.г. прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты чахлом магутнасцю каля 370 м, які складзены з парод верхняга пратэразою, кембрыю, ардовіку, сілуру, сярэдняга дэвону. У антрапагенавай тоўшчы пашыраны адклады дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Града створана паазерскім ледавіком.
Рэльеф узгорыста-западзінны. У аснове С.г. масіўны цокаль з марэнных супескаў з лінзамі і праслоямі пяскоў, на якім размешчаны збліжаныя адзін да аднаго марэнныя і камавыя ўзгоркі (адносная выш. 1—12, часам да 14—16 м), нярэдка падоўжаныя, выцягнутыя ў ланцугі. Паміж узгоркамі акруглыя западзіны, а паміж ланцугамі ўздоўж грады лагчынападобныя паглыбленні і водна-ледавіковыя лагчыны, па якіх цякуць р. Тушчанка і Струна. Абапал лагчын озы. Даліны р. Страча і яе прытока Свірыцы ў месцах перасячэння грады — вузкія, часта з абрывістымі схіламі. Глебы дзярнова-падзолістыя слаба- і сярэднеападзоленыя, у паніжэннях дзярнова-перагнойна-глеевыя і тарфяна-балотныя. Невял. ўчасткі хваёвых лясоў на паўн. і паўн.-ўсх. схілах. Па ўскраінах балот ельнікі, па берагах рэк чорнаалешнікі. Пад ворывам 30% тэрыторыі. На С.г. помнік прыроды рэсп. значэння — геал. агаленне «Камарышкі».
Я.А.Ільін.
т. 14, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)